воскресенье, 27 января 2013 г.

Табою адной мог я толькі і жыць...


Вершы Расула Гамзатава ў перакладах паэта Хведара Жычкі (нарадзіўся ў пас. Марс Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці)

Бачу я: зябка табе, дарагая,
Дай жа руку мне. Чаго ты дрыжыш,
Марыш пра лета ўсё, цяжка ўздыхаеш
І на мяне ты зусім не глядзіш?

Хіба ж я птушка, што толькі і ўмее
Песні спяваць, пакахаўшы, вясной?
Хіба ж я сонца, што толькі і грэе,
Стаўшы ў зеніце над нашай зямлёй?

Родная, ў лютым кахаю і ў маі,
Ў летнюю спёку і папахмурны дзень.
Песняй сваёй я любоўю усхваляю,
Песню пра шчасце нясу да людзей.

Што ж, калі лютаўскім вечарам гэтым
Зябнеш ты, седзячы побач са мной,
Значыць, нішто – ні вясна, а ні лета
Не дапамогуць больш песні маёй.

*   *    *

Друг пакінуў,  прэч пайшоў з парога.
Ноччу ён прыйшоў ка мне ўжо ў сне.
І травою зарасла дарога,
Дзе хадзіла радасць да мяне.

Друг пакінуў...Што мне ганьба, слава,
Як мне жыць і песні як спяваць?
Я ж цяпер рукі не маю правай,
Каб у горы слёзы выціраць.

*   *    *

Гавораць, што я быў юнак – не цяля,
Гавораць усе, пагуляў я нямала.
Гавораць, з адной , і з другой, і... пасля,
Гавораць, грашыў, шчэ й прыцмокнуць:
                                                               “Бывала!”

Не вер. Не грашыў я, не ўмеў я грашыць.
З тых пор як я помню сябе, дарагая,
Табою адной мог я толькі  і жыць,
Хоць так і не ведаю, хто ты такая.

Комментариев нет:

Отправить комментарий